Состоялся районный этап республиканского вокального конкурса «Новые имена Беларуси»

1 сакавіка 2015 года ў  Хідрынскім  сельскім Доме культуры адбыўся раённы этап рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.  Яго арганізатарамі выступілі Кобрынскае гарадское аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў і аддзел ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама. Мэта мерапрыемства — вызначэнне кандыдатаў для ўдзелу ў абласным этапе вакальнага конкурсу.

І няхай па характары  гэта быў своеасаблівы кастынг, па форме ён набыў маштабы тэматычнага святочнага дзейства, якое прайшло пад дэвізам “Новыя галасы для любімай краіны”. Песні, прысвечаныя роднай Беларусі, яе чароўным краявідам, выбралі ў якасці візіткі свайго вакальнага таленту многія канкурсанты. Да дрыжыкаў у целе кранулі слухачоў кампазіцыі ў выкананні Наталлі Пушылы з аграгарадка Дзівін і кабрынчанкі Надзеі Вайцяховіч. За кароткія 4 хвіліны ў шчырасці свайго кахання пераканалі Аляксандр Гладзько з вёскі Закросніца, Кірыл Дылюк і Павел Лесік  з Кобрына, Крысціна Харошка з вёскі Залессе. Кабрынчанкі Алеся Радчанка, Вікторыя Дубок і Крысціна Алешка аддалі перавагу песням на англійскай мове. Дзіўная сіла музыкі! Англійскую мову я не ведаю зусім, але песня ў выкананні сямнаццацігадовай навучэнкі Кобрынскага політэхнічнага каледжа Вікторыі Дубок  расчуліла да слёз.  І не толькі мяне. Выступленне Вікторыі ўразіла і членаў журы.
Усяго ў раённым адборы прыняў удзел 21 канкурсант з розных куткоў нашага рэгіёна. Для кожнага з іх музыка даўно стала неад’емнай часткай жыцця. Таленавітасць і ініцыятыву маладых артыстаў арганізатары адзначылі падарункавымі сертыфікатамі. Аднак любы конкурс мае сваіх пераможцаў. Лепшымі вакалістамі, на думку журы, работу якога ўзначаліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Жук, сталі будучы мастак-афарміцель Вікторыя Дубок, мастацкі кіраўнік  Залескага сельскага Дома культуры Крысціна Харошка і канцэртмайстар Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Марына Барушка. Гучныя апладысменты гледачоў, якія, дарэчы, актыўна падтрымлівалі ўсіх выканаўцаў у час выступлення, згодна віталі  рашэнне журы.
Павіншаваў пераможцаў з выхадам на абласны этап вакальнага конкурсу старшыня Кобрынскага гарадскога аб’яднання арганізацый  прафсаюзаў Міхаіл Трубчык. Маладым артыстам ён пажадаў трапіць у фінальнае шоу конкурсу.
Рэспубліканскі этап  маладзёжнага вакальнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, арганізатарам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, адбудзецца ў тэрмін з 11 па 22 мая 2015 года.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Марына Барушка, Надзея Жук, Крысціна Харошка, Міхаіл Трубчык і Вікторыя Дубок.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *