Вадим Курлюк: «Учиться в Военной академии Республики Беларусь престижно».

Вучыцца ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь было прэстыжна ва ўсе часы. Гэтая ўстанова – галоўны носьбіт традыцый ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.  Тут рыхтуюць запатрабаваных спецыялістаў. Падрыхтоўка будучых афіцэраў вядзецца на шасці факультэтах, адзін з іх – факультэт супрацьпаветранай абароны. На гэтым факультэце ўжо другі год  вучыцца Вадзім Курлюк з вёскі Імянін. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад вучобы.

— Наш факультэт – найстарэйшы ва ўстанове. Мы вывучаем сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі: радыёлакацыйныя станцыі, зенітныя ракетныя сістэмы і комплексы. Гэта так цікава! Факультэт аснашчаны добрай вучэбна-матэрыяльнай базай. І выкладчыкі ў нас — высокакваліфікаваныя.
Дзед Вадзіма быў ваенным, і хлопчык з дзяцінства марыў  стаць падобным на яго. Паступаць у Ваенную акадэмію  раіў і таварыш Дзіма Трубчык, які з’яўляецца курсантам  трэцяга курса гэтай установы.
Вадзім ведаў, што аднаго жадання мала. Тут патрэбны добрыя веды і фізічная падрыхтоўка. Два гады хлопец наведваў секцыю хакея ў Кобрынскай ДЮСШ па зімовых відах спорту.  “У нашай акадэміі фізічнаму выхаванню надаецца вялікая ўвага. Ва ўстанове працуюць трэнеры па ўсіх відах спорту. Курсантам з высокім узроўнем фізічнай падрыхтоўкі даюць магчымасць наведваць спартыўныя ўстановы Мінска”, — гаворыць юнак. Сам Вадзім Курлюк у Ваеннай акадэміі захапіўся рукапашным боем, займаецца гэтым відам спорту другі год, мае пэўныя поспехі.
Дарэчы, тыя, каму захацелася далучыцца да ліку курсантаў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, поўную інфармацыю аб установе і ўступнай кампаніі могуць знайсці на яе афіцыйным сайце.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *