Для кобринчанина Сергея Петрова пограничная служба стала судьбой


З Сяргеем Пятровым, маладым афіцэрам пагранічных войскаў, мы сустрэліся ў адзін з яго прыездаў у родны Кобрын. Адкрыты, падцягнуты, ён аказаўся прыемным субяседнікам. Пасля школы Сяргей, а гады вучобы праходзілі, як ён сам гаворыць, “у лепшай сярэдняй школе № 8 Кобрына”, вырашыў звязаць лёс з пагранічнай службай. Рухала юнаком ужо асэнсаванае жаданне дапамагаць людзям, аберагаць іх спакой і бяспеку. Так у 2007 годзе ён стаў курсантам ДУА «Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь».
— Буду шчырым, — з прыемнай усмешкай заўважае Сяргей, — першы год вучобы быў даволі напружаным. Быў неабходны час на адаптацыю, на ўваход у новы рытм жыцця.

На шчасце, з рознымі цяжкасцямі Сяргей справіўся даволі хутка. А яго актыўная грамадская пазіцыя, удзел у розных студэнцкіх працэсах і разнастайным жыцці ўстановы была заўважаны і годна ацэнены кіраўніцтвам. І нашаму земляку пасля заканчэння інстытута паступіла прапанова застацца ў ім у якасці курсавога афіцэра.
Сяргей прапанову прыняў, аднак не адразу. Паколькі гарэў жаданнем акунуцца ў сапраўдную службу на дзяржаўнай мяжы. “Іначай навошта мне тая шырокая, якасная база ведаў, якую атрымаў у інстытуце? Хацеў праверыць і сябе, і назапашаны адукацыйны багаж у рэальнай абстаноўцы”, – тлумачыць жаданне Сяргей.
І ў 2012 годзе малады афіцэр Сяргей Пятроў накіроўваецца ў Брэсцкую пагранічную групу, на 1-ю пагранічную заставу ў Белавежскай пушчы. Потым будзе яшчэ адзін пункт нясення службы – 6-я застава, каля г. Высокае.
— І там, і там неабходныя былі сабранасць, пільнасць, канцэнтрацыя на даручаных абавязках. Здараліся і парушэнні розныя, хоць вельмі сур’ёзных на мой лёс не выпала. Напрыклад, неяк затрымалі грамадзяніна Польшчы, які хацеў трапіць на беларускую тэрыторыю, паколькі, як ён патлумачыў, у нашай краіне бясплатная ахова здароўя… У час рэальнай службы сапраўды пераканаўся: такі інстытут, як наш, дае дасканалую адукацыю, кожны выпускнік мае падрыхтоўку найвышэйшага ўзроўню.
Сёння Сяргей сам уваходзіць у педагагічны і камандны састаў інстытута пагранічнай службы. Некалькі месяцаў таму ён адгукнуўся на чарговае запрашэнне кіраўніцтва ўстановы і быў прызначаны курсавым афіцэрам другога курса.
— Заўсёды памятаю аб тым, што навучыць ваеннай справе, паставіць пэўную задачу, прывучыць да парадку, пільнасці і дысцыпліны – сёння для службы ў пагранічных войсках важна як ніколі. На жаль, падзеі ў суседняй Украіне яшчэ раз падцвярджаюць гэта, — падагульняе вынік размовы Сяргей Пятроў. – Але для нас, афіцэраў Рэспублікі Беларусь, не меней важна навучыць курсантаў чалавечнасці, дабрыні, разуменню, што на іх ускладаецца далёка не механічная задача.
НА ЗДЫМКУ: курсавы афіцэр інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятроў у родным Кобрыне.
Падрыхтаваў Ігар СІДАРУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *