В Дивинской средней школе историю родного края собирают по крупинках


У Дзівінскай сярэдняй школе гісторыю роднага краю збіраюць па крупінках, беражліва захоўваюць і распавядаюць дзецям.
У музей мы прыйшлі з першакласнікамі – у гэты дзень, можна сказаць, урок малявання ім быў заменены ўрокам па краязнаўстве. Цяперашні кіраўнік музея настаўніца выяўленчага мастацтва Галіна Люльковіч адразу мне паказала вялікую папку з узнагародамі, якіх быў удастоены гісторыка-краязнаўчы музей школы. Працу па зборы экспанатаў пачынала яшчэ Наталля Валынец – былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Сёння Галіне Люльковіч дапамагаюць абнаўляць музей школьнікі. У двух вялікіх памяшканнях захоўваецца гісторыя ў рэчах, дакументах, фотаздымках.

— Першая экспазіцыя – “Мая зямля – мае землякі”, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — Тут можна пазнаёміцца з біяграфіямі знакамітых выпускнікоў нашай школы. Віталь Курашык – у свой час быў паслом Беларусі ва Украіне, Сяргей Гардун – выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі, клірык Мінскага кафедральнага сабора, Тамара Лазоўская – актрыса Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, мастакі Сцяпан Дрымук і Вера Усенка – гэта далёка не поўны спіс вядомых дзівінчан, якімі ганарацца і школа, і ўвесь Дзівін.
Не адзін музей не абыходзіцца без экспазіцыі пра Вялікую Айчынную вайну. Тут сабраны трагічныя старонкі не толькі Дзівіна ў час вайны, але і Беларусі ў цэлым. Каскі, біклагі, штык-нажы і шмат чаго іншага прадстаўлена на стэлажах.
На сценах — стэнды з фотаздымкамі: Дзівін сучасны, Дзівін у 80-ыя, гісторыя школы, бальніцы і калгаса. Безумоўна, некаторыя будынкі знаёмыя, а некаторыя вуліцы наогул не пазнаць…
Другое памяшканне – этнаграфічная частка музея. Першакласнікі з непадробнай цікаўнасцю разглядвалі экспанаты, заглядвалі ў кошыкі і скрыні. Тут можна ўбачыць не адзін дзясятак ручнікоў, адзенне, якое насілі нашы продкі ў будні і святы, вясельныя ўборы, паясы, лапці.
— Дзяўчынка з дванаццаці гадоў пачынала вышываць ручнікі, тым самым рыхтавала сабе пасаг, які складвала ў скрыню, – гаворыць Галіна Уладзіміраўна. – Прычым іх павінна было быць не менш за пяцьдзясят – кожнага госця на вяселлі трэба было павязаць ручніком. Таксама дзяўчына вышывала пояс для свайго будучага мужа.
Дарэчы, у музеі таксама ёсць і скрыня, і ткацкі станок, і калаўрот, розныя саламяныя скрыні і кошыкі, у якіх нашы продкі захоўвалі ежу, нават макет сялянскай хаты зроблены.
Асобна можна адзначыць выставу гуртка саломапляцення, які ў школе вядзе майстрыха Юлія Піваварава. Нельга не дзівіцца той прыгажосці, якая ствараецца з саломкі рукамі Юліі Віктараўны з маленькімі памочнікамі.
У музеі цікава як дарослым, так і дзецям. Час не стаіць на месцы, а значыць, экспазіцыі музея будуць абнаўляцца і дапаўняцца.
Людміла ПАШКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Галіна Люльковіч з 1 “Б” класам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *