Кобринчанка Лидия Ефимчук: «Стараюсь ничего не упустить».


У вузле сувязі Кобрынскага РВПС Лідзія Ефімчук працуе справаводам ужо 18 гадоў. “Прыйшла сюды на падмену водпуску асноўнага работніка, а засталася назаўжды”, — успамінае Лідзія Аляксандраўна. Работы яна не баялася. “Пачынала працаваць на друкарскай машынцы, пасля вывучыла камп’ютарную грамату. Каб усё паспяваць, заставалася пасля работы”, — расказвае Лідзія Аляксандраўна. Даводзіць справу да канца, адказна выконваць свае абавязкі – для яе прынцыпова.
Нашу гутарку перарваў гучны званок. “Вузел паштовай сувязі, прыёмная”, — лагодным голасам прамовіла справавод. Пакуль мая субяседніца размаўляла па тэлефоне, я агледзелася. На падаконніку цвілі кветкі. Было відаць, што іх даглядае дбайная рука. Паперы на стале ляжалі ў акуратненькім стосіку. На паліцах у шафе – справаводчыя кнігі. Раптам маю ўвагу прыцягнуў вялікі альбом. Я падышла да шафы. “Гэта летапіс нашай арганізацыі”, — заўважыўшы маю цікавасць, патлумачыла Лідзія Аляксандраўна. Яна дастала альбом. Гістарычныя звесткі з развіцця РВПС суправаджаліся шматлікімі фотаздымкамі. Старонка за старонкай – і я адчула, чым жывуць паштавікі. “Мне ў свой час перадалі гэты летапіс, я працягваю яго весці, стараюся нічога не выпусціць з-пад увагі”, — сказала жанчына.
Лідзія Аляксандраўна займаецца музеем РВПС. Праз нашу газету яна прасіла звярнуцца да людзей, каб прыносілі да іх рэтрапрадметы: паштоўкі, маркі, канверты — словам, паштовыя атрыбуты. У музеі ўжо ёсць многа цікавых экспанатаў. Увагу прыцягнуў стэлаж з паштоўкамі. Такімі паштоўкамі мы абменьваліся ў школе, віншавалі сяброў з рознымі святамі. Успаміны дзяцінства накрылі мяне з галавой. Лідзія Аляксандраўна, пэўна, адчула мой настрой і сказала: “А я з дзяцінства памятаю пах газет, асабліва часопіса “Бярозка”. Мая мама падмяняла водпускі паштальёна, і я дапамагала ёй разносіць пошту па родных Чаравачыцах”. Цікава аформлены ў музеі стэнд “Ляці, ляці, ліст”, які адлюстроўвае шлях пісьма ад адрасата да атрымальніка. “Хацелася паказаць, што за гэтым стаіць праца многіх людзей. Доўга нічога не ішло ў галаву, а потым прысніла вось такі эскіз”, — вочы жанчыны заблішчалі.
Калі мы падышлі да дзвярэй прыёмнай, зноў зазваніў тэлефон. І Лідзія Аляксандраўна заступіла на свой баявы пост.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *