Агроусадьба «На Заречной улице» сердечно приглашает


“Да ідэі заняцца агратурызмам спачатку паставілася скептычна”
Ніхто так добра не раскажа аб чалавеку, як ён сам. Таму Алу Палікарпук – гэту добрую, абаяльную жанчыну, поўную нерастрачаных сіл, аптымізму, яркіх эмоцый, лепей слухаць. Слухаць, здзіўляючыся, як лёгка яна распавядае аб даволі складаных рэчах, жыццёвых рашэннях і шляхах, якія цяжка назваць гладкімі і простымі.
— Па натуры я такі чалавек, што вельмі люблю прымаць гасцей, гатаваць, быць у коле сяброў. І многія з іх падштурховалі мяне заняцца агратурызмам. Але штосьці мяне трымала. Два гады хісталася, ставілася да гэтай ідэі напачатку даволі скептычна. Пакуль аднойчы па справах фермерства мы не завіталі на адну з першых беларускіх аграсядзіб “Зарэчаны” пад Мінскам гаспадароў Ніжнікаў. І мне так спадабалася! Вялікі дом, начынне, хатняя абстаноўка, сама атмасфера. А найбольш пераканаўчым аргументам стала тое, што адпаведным Указам Прэзідэнта для тых, хто займаецца агратурызмам, у краіне ствараюцца самыя спрыяльныя абставіны. Гэта было апошняй натхняльнай кропляй. І мы вырашылі з мужам Сяргеем: “Пачынаем!”


“Каб быць сапраўды свабоднымі – спачатку трэба стаць такімі ўнутры”
— І старэнькая хатка ў вёсцы Пескі-1, якую мы збіраліся бурыць, пачала паступова набываць новы, зусім іншы выгляд. Тут цудоўныя, вельмі прыгожыя мясціны! У любую пару года – незвычайныя краявіды, чысцюткае паветра, рэчка, у сезон поўна грыбоў. Вядома, не ўсё атрымлівалося так проста і адным махам. На шчасце, нам ва ўсім дапамагалі і дапамагаюць нашы сябры; мясцовыя ўлады заўсёды на нашым баку, і любое пытанне вырашаецца хутка і прынцыпова.
Галоўнае, лічу, гэта нашы мары і вера, што ўсё павінна атрымацца як след. Калі адчуваеш свабодным сябе ўнутры – тады і навокал цябе свет нібы пашыраецца, сцены рассоўваюцца, а людзі з задавальненнем ідуць насустрач. Таксама добра памятаю і той день, калі мы ўжо запрацавалі, як паўнавартасная сядзіба. Як раз у той час быў арганізаваны Міжнародны велапрабег, удзельнікі якога павінны былі харчавацца або ў палявых умовах, або на аграсядзібах. Напярэдадні да нас завітаў старшыня грамадскага савета аграсядзіб вобласці Георгій Грыбаў з пытаннем: ці мы гатовыя да прыёму такіх гасцей? У выніку ўсе засталіся вельмі задаволеныя: і велатурысты, і мы як гаспадары.


“Чалавек багацее толькі тады, калі аддае”

— Вось так усё пайшло-паехала. За два гады ў нас на сядзібе пабывала шмат людзей — і з нашай роднай Беларусі, і з многіх краін свету. Прыязджалі і мясцовыя фермеры, якія жадалі заняцца агратурызмам, але не ведалі, з чаго пачынаць, у якіх кірунках рухацца. З задавальненнем дзяліліся ведамі, напрацоўкамі, дапамагалі ў станаўленні тым, хто пачынаў, як і мы, з нічога. Не баючыся ні канкурэнцыі, ні “адтоку” кліентаў. Даўно вядома, што калі шчыра дзяліцца тым, што маеш, да цябе яшчэ болей вяртаецца. У выніку ў нас сёння ў Кобрынскім раёне ўтворана і паспяхова дзейнічае 25 аграсядзіб – болей, чым у любым раёне вобласці! Неўзаабве нарадзілася і паспяхова была рэалізавана ідэя ўтварэння “Муховэцькай куморы”– дынастынацыі (або садружнасці) кобрынскіх аграсядзіб і іншых суполак. Для якіх галоўнае – пастаяннае і комплекснае прыцягненне ў Беларусь замежных турыстаў з іх капіталамі ў абмен на знаёмства і далучэнне да каштоўнасцяў нашага краю. Гэтыя каштоўнасці – нашы спрадвечныя традыцыі, культурныя і прыродныя багацці, таленты нашых рамеснікаў, старажытная беларуская кухня і шмат чаго іншага.
“Карысць не павінна быць аднабаковай”
— Таму даўно і паспяхова супрацоўнічаем з лепшымі фальклорнымі калектывамі раёна — “Магдалена”, “Зараніца” і іншымі, нашы частыя госці і ўдзельнікі “Муховэцькай куморы” – рыцарскія клубы “Перунова кола” і “Жалезны жолуд”. І агульныя актыўнасць, жаданне зрабіць усё максімальна якасна, паказаць беларускі край нашым гасцям прывабна, нечакана, захапляльна – карысныя для усіх. Заўсёды памятаю пра гэта і, як магу, падтрымліваю. Успамінаецца выпадак. Неяк накіравалі да нас групу расійскіх ветэранаў. Людзі былі не ў гуморы, стомленыя… А літаральна праз паўгадзіны іх твары свяціліся ўсмешкамі, многія кінуліся ў скокі з нашымі артыстамі, што выступалі ў той вечар. Яшчэ не было такога, каб мы не адгукаліся на прапановы паўдзельнічаць у разнастайных дабрачыннах акцыях: або на базе нашай аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы”, або любой іншай. А колькі праведзена сумесна з партнёрамі нашых традыцыйных святаў – “Купалле”, “Камаедзіца”, “Карачун”, арганізавана рыцарскіх турніраў, прыдумана дзіцячых квэстаў і забаў, увасоблена іншых ідэй! І пачуць з вуснаў, напрыклад, тых жа ірландцаў, што яны ўражаныя да глыбіні душы, як ашчадна мы ставімся да нашай спадчыны, — для мяне адна з найвышэйшых адзнак дзейнасці.
“Без людзей любая ідэя – толькі словы”
— Калі ж крыху стамляюся, калі і смак добрай кавы падаецца звычайным, – тады адчуваю пастаянную падтрымку родных. Мужа Сяргея, моцнае і добрае плячо якога побач вось ужо трыццаць гадоў. Дачок Марыны і Яўгеніі, яны ўжо дарослыя, але таксама заўсёды хварэюць за нашы агульныя справы. Пляменніка Рамана, сёння студэнта ў Польшчы, які асвойвае спецыяльнасць у турыстычным бізнесе. Іх энергія, зацікаўленасць, патрэбныя словы ў патрэбны час – вось рухавік для ўсіх нашых напрацовак і ідэй. А за ідэі, калі яны добрыя і вартыя жыцця, гатовы брацца не толькі родныя, але і многія іншыя людзі, хто жыве не толькі дзеля грошай і заробку. Імкнуся дзяліцца з усімі тым жа: дабрынёй, спагадай, імкненнем зразумець чалавека і дапамагчы яму.
“За справамі агратурызму не забываем і пра зямлю-карміцельку…”
— А іначай і не можа быць. Успомнім Якуба Коласа: “Зямля – аснова ўсёй айчыне”, “Свая зямля – вось што аснова!” Гэтай зямлі на нашай аграсядзібе – болей за гектар. Шмат яе адведзена пад сад. Цікава, як прыйшоў мой муж да садаводства: калісьці ён прадаваў чужыя саджанцы, і некаторыя пакупнікі потым яму ўпікалі, што прадаў зусім не тое, што было ўказана на этыкетцы. Так Сяргей вырашыў заняцца гэтай справай сам, каб не псаваць аўтарытэт і вырошчваць сапраўды якасную прадукцыю. У асноўным гэта сучасныя беларускія гатункі яблыні: Алеся, Вербнае, Імант і іншыя. Вырошчваем і выдатныя гатункі груш. А на градах – любая агародніна, якой можа пахваліцца кожная руплівая беларуская гаспадыня.
Мы ж упэўненыя: сама Ала Палікарпук можа пахваліцца і ганарыцца многім. Задуманым і створаным за апошнія гады. Таленавітымі людзьмі, якіх здолела залучыць і захапіць сваімі ідэямі. Цудоўнымі характарам і душой, у якіх хапае пяшчоты і цвёрдасці, летуценнасці і цвярозага разліку… Галоўнае: не баяцца адпускаць свае мроі ў высакародны, нават галавакружны палёт. Тады яны, набраўшыся моцы і гаючага паветра Беларусі, урэшце здзяйсняюцца на самай справе.

Тэкст  Ігара Сідарука.

Фота Рамана Мельніка.

Агроусадьба «На Заречной улице» сердечно приглашает: 1 комментарий

  • 2015/03/16 в 16:20
    Permalink

    Был здесь очень понравилось, приеду еще.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *