На Кобринщине встречали олимпийцев


З ранку 13 студзеня 2015 года ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” звінелі гучныя галасы. Тут з нецярпеннем чакалі гасцей – знакамітых спартсменаў Беларусі.
Адным з арганізатараў мерапрыемства з удзелам “зорак” спорту пад назвай “Калядная сустрэча” выступіла прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці. Яго дырэктар Алена Белаконенка адзначыла, што яны маюць намер стаць пастаяннымі гасцямі аздараўленчага цэнтра. Так, рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, у межах якой планавалася мерапрыемства, стала стартавай пляцоўкай для новай акцыі “Марафон алімпійцаў”.
Мерапрыемства пачалося з прывітання на сцэне спартсменаў-землякоў: удзельніцы XXVI летніх Алімпійскіх гульняў 1996 года ў Атланце, бронзавага прызёра Яраславы Паўловіч (веславанне акадэмічнае), чэмпіёна свету 2012 года, чэмпіёна Еўропы 2009 года, удзельніка ХХХ Алімпіяды 2012 года ў Лондане Аляксандра Казубоўскага (веславанне акадэмічнае), пераможцы чэмпіянату свету па гіравым спорце ў рыўку, рэкардсмена Кнігі рэкордаў Гінэса Андрэя Шумовіча і пераможцы чэмпіянату свету і Еўропы Яўгеніі Галузы (стральба кулявая). У час мерапрыемства была агучана гісторыя развіцця Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, значным дасягненнем якога стала 8-е месца ў агульнакамандным медальным заліку на XXII зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы.
Пажаданні алімпійцаў, выказаныя ў адрас выхаванцаў цэнтра, на маю думку, былі своеасаблівым рэцэптам поспеху. Ставіць высокія мэты і дасягаць іх нягледзячы на перашкоды, ніводнага разу не дазволіць сабе апусціць рукі – такія парады давалі людзі, на якіх варта раўняцца. Кожны з алімпійцаў расказаў пра сябе. Яўгенія Галуза раней жыла ў Таджыкістане, кулявой стральбой займалася яшчэ там. Зараз спартсменка працуе трэнерам па стральбе ў СДЮШАР БФСТ «Дынама» ў горадзе Брэсце. Яўгенія служыла ў войсках МУС, на заслужаны адпачынак выйшла ў званні маёра. Аляксандр Казубоўскі пачаў свой расказ з жарта: “Калі Яўгенія настраляла сабе медалёў, то я панаграбаў”. Веславаннем ён займаецца з 14 гадоў. Менавіта ён задае рытм экіпажа, так як з’яўляецца кармавым весляром. Зусім іншую ролю ў экіпажы жаночай васьмёркі іграе Яраслава Паўловіч. Яна – рулявая. З’яўляецца членам нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь, якая зараз рыхтуецца да адбору на Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра. Андрэй Шумовіч з настальгіяй успомніў, як сам калісьці адпачываў у “Коласе”. Расказаў, як прыйшоў у гіравы спорт. Спартсмен упэўнены, што выдатныя вынікі — гэта 99 працэнтаў працы і 1 працэнт таленту. Пасля самапрадстаўлення пачаў работу адкрыты мікрафон, дзякуючы якому можна было задаць алімпійцам любое пытанне. Нягледзячы на тое, што ўзрост выхаванцаў аздараўленчага цэнтра, школьны, пытанні былі па-даросламу сур’ёзныя. Дзяцей цікавіла, якія куміры ёсць у спартсменаў, якім быў іх першы старт, як падтрымліваюць іх блізкія і многія іншыя. Пераможцай за самае цікавае пытанне стала Юлія Грышкавец, вучаніца 5 класа УА “Лядзецкі ВПК яслі-сад-сярэдняя школа”. Дзяўчынка вельмі ўзрадавалася падарунку ў выглядзе валейбольнага мяча, які адначасова стаў для яе і падарункам на дзень нараджэння.

Пасля заканчэння сустрэчы 20 выхаванцаў цэнтра былі ўзнагароджаны алімпійцамі за спартыўныя дасягненні ў сваіх навучальных установах. Як растлумачыў дырэктар “Коласа” Юрый Цітовіч, у іх цэнтры сочаць за спартыўнымі вынікамі дзяцей, гэта дае магчымасць правільна арганізаваць работу з юнымі спартсменамі, тым больш умовы і кадравы рэсурс тут ёсць. А на што здольныя дзеці, алімпійцы на ўласныя вочы ўбачылі ў час спартландыі.
Людміла ДУБІНА.
НА ЗДЫМКАХ: фота на памяць; Аляксандр Казубоўскі і Юлія Грышкавец.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *