В деревне Леликово Кобринского района открылся по новому адресу ФАП


Адметнай падзеяй для жыхароў вёскі Лелікава завяршыўся 2014 год. 29 снежня па новым адрасе адкрыў дзверы сваім пацыентам фельчарска-акушэрскі пункт. У будынку, дзе зараз будзе аказвацца медыцынская дапамога вяскоўцам, два месяцы ішлі рамонтныя работы, якія выконваліся работнікамі філіяла “Будтрэст № 33” ААТ “Будтрэст №8”. Клопату было нямала: апошнім часам будынак пуставаў, а раней тут быў камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва і магазін. Адкрыццё ФАПа было своеасаблівым “залікам” для падраднай арганізацыі, якую на ўрачыстай цырымоніі прадстаўляў галоўны спецыяліст філіяла “Будтрэст № 33” ААТ “Будтрэст №8” Уладзімір Здановіч.
Павіншаваць вяскоўцаў прыехалі старшыня Кобрынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля, яго намеснік Валянцін Трубчык, старшыня Дзівінскага сельскага Савета Аляксандр Разанка, а таксама прадстаўнікі ўстановы аховы здароўя “Кобрынская цэнтральная раённая бальніца” на чале з галоўным ўрачом Вячаславам Крывецкім.


Гэтай падзеі ў вёсцы даўно чакалі, і вялікая колькасць людзей, што прыйшлі на мерапрыемства, — таму пацвярджэнне. Аляксандр Зазуля адзначыў, што ўлада бачыць праблемы вёскі і зробіць усё магчымае, каб яна жыла і развівалася. Шчыра парадаваўся за мясцовых жыхароў загадчык Дзівінскай участковай бальніцы Аляксандр Дзейко. Як заўважыў Вячаслаў Крывецкі, новы ФАП адпавядае сучасным патрабаванням, якія сёння прад’яўляюцца да медыцынскіх устаноў. Дарэчы, вырашэнне пытання па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы для аказання медыцынскай дапамогі ў вёсцы Лелікава стала магчымым дзякуючы Дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця вёскі на 2011 — 2015 гады.


Акрамя віншавальных слоў, гаспадыні ФАПа – яго загадчыку Галіне Уласюк — былі ўручаны падарункі. Чырвоную стужку перарэзалі пад гучныя галасы задаволеных жыхароў. Галіна Мацвееўна запрасіла ўсіх прысутных на экскурсію ў новы будынак. Акушэрскі і працэдурны кабінеты, а таксама кабінет фельчара і падсобныя памяшканні забяспечаны новым абсталяваннем і новай мэбляй.
Як заўважыў Валянцін Трубчык, усё тут зроблена з душой.

Людміла Дубіна
На здымках:  пераразанне чырвонай стужкі; (злева направа): намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык, старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля; намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна Вадзім Трубчык; загадчык Лелікаўскага ФАПа Галіна Уласюк; галоўны спецыяліст “Будтрэста №33” Уладзімір Здановіч; галоўны ўрач Кобрынскай ЦРБ Вячаслаў Крывецкі; загадчык Дзівінскай участковай бальніцы Аляксандр Дзейко і педыятр Любоў Дзейко;
цяпер лячэбны агляд праводзіцца ў новых умовах.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *