«Кобрынскі веснік» расширяет формат


Вось і падыйшоў да свайго фінішу 2014 год. І ўсё ж такі нездарма ва ўсходнім календары ён сімвалізуе каня, які ў прыродзе адрозніваецца сваімі няўрымслівым тэмпераментам і энергіяй. Для кожнага з нас бягучы год адзначыўся чымсьці знакавым. Напружаная і плённая праца, вучоба, спасціганне новых жыццёвых арыенціраў, гучныя перамогі ў разнастайных спаборніцтвах, святкаванне знакавых падзей… Творчы калектыў рэдакцыі газеты “Кобрынскі веснік” таксама знаходзіўся ў віхру шматлікіх падзей і творчага жыцця. Сёлета мы ўрачыста адзначылі 75-годдзе з моманту ўтварэння нашага выдання. Колькасць наведвальнікаў сайта “КВ” за гэты год павысілася амаль ўдвая і гэта, перакананы, далёка не мяжа. Прыемна, што ў інтэрнэце матэрыялы “раёнкі” чытаюць у тым ліку і з краін далёкага замежжа – Канады, ЗША, Ізраіля, Германіі.
Асобна хацелася б сказаць пра Дні падпісчыка, у якіх бяру ўдзел асабіста разам з калегамі і прадстаўнікамі Кобрынскага РВПС. Хочацца шчыра падзякаваць нашых заснавальнікаў, а таксама шматлікіх сяброў, партнёраў і проста неабыякавых людзей, якія масава прыходзяць да нас на творчае рандэву, каб запрасіць газету ў дом, даць некалькі карысных парад і заўваг, атрымаць маленькія прыемныя сувеніры. Мне як галоўнаму рэдактару было прыемна пазнаёміцца са сваёй аўдыторыяй у рэальным жыцці, паглядзець шчыра адзін аднаму ў вочы. Прынамсі, большасць каментарыяў, якія давялося пачуць, былі канструктыўнымі і справядлівымі. Усяго ж сёлета мы правялі 12 дзён падпісчыка ў райвыканкаме, на прадпрыемствах і ва ўстановах горада і ўпершыню за шмат гадоў у Дзівінскім, Гарадзецкім, Хідрынскім і Астроміцкім аграгарадках з насычанай канцэртнай праграмай. Нашымі падпісчыкамі ў час гэтых мерапрыемстваў пажадалі стаць больш за 400 чалавек!
На наступным тыдні, якраз да святаў, мы, шаноўныя нашы чытачы, рыхтуем для вас сюрпрыз. Пачынаючы з 1 студзеня і далей, у нумары за сераду будзе не чатыры, а восем старонак, што, спадзяемся, паўплывае на аператыўнасць і якасць нашай газеты, дазволіць публікаваць больш новых і актуальных рубрык і праектаў. Шчыра спадзяемся, што крок за крокам газета будзе мяняць свой імідж, пастаўляць самыя свежыя навіны, каментарыі, злабадзённыя інтэрв’ю.
Хочацца ад усяго сэрца пажадаць вам, шаноўныя нашы чытачы, у надыходзячым годзе моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, поспеху, сапраўднага кахання, а таксама веры ў поспех. Заставайцеся з намі!
З павагай ваш Раман МЕЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *