У «Кобрынскага весніка» друзей стало больше


Шчырыя вочы, светлыя ўсмешкі, прыветлівыя твары — гэта вы, нашы паважаныя чытачы. Менавіта ад вас прыемна чуць як словы падзякі, так і карысныя заўвагі, парады.
Дні падпісчыка, што сталі ўжо традыцыйнымі, — гэта магчымасць убачыцца не толькі на старонках “раёнкі”, але ўвачавідкі пазнаёміцца, паразважаць на актуальныя тэмы.

Снежань багаты на Дні падпісчыка. Так, з падпісной кампаніяй мы ўпершыню завіталі на вядомае кабрынчанам ААТ “Салео-Кобрын”. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце Васіль Каральчук стаў нашым першым падпісчыкам. Ён аформіў квітанцыю на паўгода. Васіля Рыгоравіча цікавяць праблемы горада, гістарычная тэма, мясцовыя знакамітасці. Ён выказаў пажаданне, каб на старонках газеты такім тэмам надзялялася больш увагі.
Мы ўдзячны нашым чытачам за шчырасць размовы.


З гумарам і спевамі Дзень падпісчыка прайшоў у аддзяленні паштовай сувязі ў аграгарадку Хідры. Завітаўшыя на пошту сяльчане былі прыемна здзіўлены нечаканым гасцям — рэдактару “КВ” Раману Мельніку, карэспандэнту, старшаму інструктару аддзела падпіскі Кобрынскага раённага вузла паштовай сувязі Алене Мінінай, а таксама выступленню Яўгена Лесіка і Міхаіла Шамчука — мясцовага творчага дуэта. Першы падпісчык — Кацярына Касянчук — расказала нам, што ў газеце найперш цікавіцца навінамі, радуецца, калі пішуць пра родныя Хідры. У Аляксея Калядзюка абодва сыны з’яўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, таму бацька ў першую чаргу чытае “Трывожныя зводкі”. Менавіта тут, у Хідрах, мы ўпершыню пачулі гэтае ласкавае “кобрынка”.


Чакалі нас і ў Астромічах. Пра Дзень падпісчыка сведчыла аб’ява на будынку пошты, падрыхтаваная музычная апаратура, і самае галоўнае — нас чакалі першыя падпісчыкі.


— Няхай “Кобрынскі веснік” такім і застаецца. Мне падабаюцца ўсе яго старонкі, — дзеліцца з намі Раіса Зуб, якой пра незвычайнае свята паведаміла паштальён. На падпіску завіталі і настаўніцы Астроміцкай сярэдняй школы Валянціна Кобец і Валянціна Козіч.
— “Раёнку” выпісваю ўжо шмат гадоў, — расказвае Валянціна Кобец. — Разгарнеш газету — і бачыш усе грані нашага жыцця. Сельская гаспадарка, рашэнні райвыканкама, спорт, навіны медыцыны, школьныя навіны, юрыдычныя кансультацыі, аб’явы. Дзякуй нашым паштальёнам, што перыядычныя выданні заўсёды своечасова прыносяць.
У час падпіскі неверагодную асалоду атрымалі і мы, і мясцовыя вяскоўцы ад выступлення Астроміцкага творчага калектыву “Лета”. Яны не толькі дарылі музычныя нумары, але і запрашалі аднавяскоўцаў падпісацца на раённае выданне.
Увогуле ў “Кобрынскага весніка” стала на 50 сяброў больш. Спадзяемся, што гэта сяброўства стане надзейным і плённым.
Ірына ЛЕСІК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

новые мобильные стеллажи в Москве